Наш край
Сайт пра наваколлi Вiцебска
Смотрите в наших фотогалереях! Смотрите в наших фотогалереях! Смотрите в наших фотогалереях!
на главную | карта сайта
гостевая | контакты

КРАЯЗНАЎСТВА
Славутыя мясцiны
Славутыя людзі
Лужасна
Рознае (нарысы)
Клуб "Дзвiна"
Ваеннае краязнаўства 

ТУРЫЗМ
Маршруты
Вандроўкi
Рэкамендацыi
Уражаннi

ЭКАЛОГIЯ
Ахова прыроды
Артыкулы
Методыкi
Календар
Факты батанiцы
Кветкi

ФОТАГАЛЕРЭЯ
Гiст.-культ. славутасцi
Эка славутасцi
Краявiды
Турызм
Кветкi

автомобили напрокат в москве газель.


 

Дзеячы Віцебшчыны С - С

Славутыя людзі

Дзеячы Віцебшчыны С - С

Сабольшчыкаў Васіль Іванавіч (25.1.1813-31.10.1872)
       Архітэктар і бібліяфіл. Нарадзіўся ў Віцебску. Пасля заканчэння мясцовай гімназіі служыў у Віцебскім губернскім праўленні. Прыроджаная дапытлівасць прывяла яго ў 1830 на службу ў Пецярбург, дзе ў вольны час самастойна вывучаў замежныя мовы, чытаў навуковыя кнігі. Пасля доўгіх намаганняў трапіў на службу ў Публічную бібліятэку. Гэтай культурнай установе была прысвечана яго дзейнасць да канца жыцця. Кіраўніцтва бібліятэкі высока цаніла стараннасць і веды Сабольшчыкава і карысталася імі. Яго намаганнямі ў бібліятэцы было арганізавана вялікае аддзяленне эамежных твораў пра Расію. Адначасова з працай у бібліятэцы Сабольшчыкаў наведваў як вольны слухач класы Акадэміі мастацтваў і вывучаў там архітэктуру. Паводле яго праекта была ўзведзена чытальная зала - адна з самых значных у тагачаснай Еўропе. Пасля пажараў 1862 капітальна перабудаваў амаль увесь будынак бібліятэкі. Пасля паездкі за мяжу (1858) выдаў твор "Агляд вялікіх бібліятэк у Еўропе..." (1860), у якім выклаў найлепшы спосаб утрымання і каталагізацыі значных кнігасховішчаў і прапанаваў вельмі зручную сістэму, якая была прынята ў Публічнай бібліятэцы. У кнізе "Пячное майстэрства", выдадзенай у 1865, прапанаваў новыя канструкцыі печаў, мадэлі якіх былі высока адзначаны на Парыжскай сусветнай выстаўцы 1867. У 1870 Сабольшчыкаў надрукаваў разважанне пра тое, што трэба рабіць у дамах, каб пазбегнуць вільготнасці. У часопісах і газетах друкаваў артыкулы і нататкі, у якіх папулярызаваў архітэктурныя звесткі пра паляпшэнне зручнасці жылля ва ўмовах паўночнага клімату. У апошнія гады жыцця працаваў архітэктарам і хавальнікам аддзела прыгожых мастацтваў Публічнай бібліятэкі. Паводле яго праекта ў 1872 у Пецярбургу пабудавана рымска-каталіцкая кансісторыя з царквой у раманскім стылі.

Савіч-Заблоцкі Войслаў [Суліма-Савіч-Заблоцкі Вайніслаў Казімір Канстанцінавіч]
       Паэт, празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў маёнтку Панчаны Дзісенскага павета Віленскай губ. (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобласці.) у багатай памешчыцкай сям'і. Бацька яго памёр рана, і Савіч-Заблоцкі выхоўваўся ў дзеда ў маёнтку Мікалаева Гарадоцкага пав. (цяпер Шумілінскі р-н). Дзед не звяртаў на ўнука асаблівай увагі і не мог плённа ўплываць на яго. Той рос на руках у дваровых, што спрыяла яго збліжэнню з народам. Паміж дзедам і маці за Савіч-Заблоцкага ішла з пераменным поспехам упартая барацьба, звязаная з пэўнымі маёмаснымі інтарэсамі. Вучыўся Савіч-Заблоцкі ў Віленскай гімназіі і ў замежных універсітэтах (Прага, Лейпцыг, Страсбург). Відаць, гэта было кароткачасовае навучанне са статусам вольнага слухача. Савіч-Заблоцкі рана пранікся ідэямі вызваленчага руху і нацыянальнага абуджэння беларускага народа. Паводле яго ўласных слоў, у 1868 ён узначаліў нацыянальна-асветную суполку "Крывіцкі вязок", што ўтварылася ў Пецярбургу і займалася выданнем беларускіх кніг, збіраннем фалклору, падрыхтоўкай слоўніка і г.д. Улады забаранілі суполку, а яе ўдзельнікаў абвінавацілі ў "сацыялізме і прапольскіх сімпатыях". Савіч-Заблоцкі апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве, дзе надрукаваў на польскай мове сатырычную паэму "Праўдападобная гісторыя" (1871) і гістарычныя творы пра Каперніка (1873). Адначасова яго вабіла беларуская паэзія. У 1873 ён даслаў у пецярбургскі часопіс "Вестник Европы" тры свае ліычныя вершы разам з пісьмом, у якім гаварыў пра старажытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе літаратурнай распрацоўкі на новым этапе. У пісьме таксама паведамляў пра намер выдаць "Пісьмы з Варшавы" на рускай мове. 3 самага пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці С.-З. зарэкамендаваў сябе як пісьменнік трохмоўны (беларуская, польская і руская), што было характэрным для беларускіх літаратараў 2-й паловы 19 ст. Пра наступны перыяд свайго жыцця ён пісаў у аўтабіяграфічнай нататцы, называючы сябе ў трэцяй асобе: "Сатыры і імправізацыі зрабілі яму шмат ворагаў у Заходнім краі, прытым фінансавае становішча яго ў выніку марнатраўства маці моцна пахіснулася. Гэта прымусіла яго ў 1875 выселіцца за мяжу, дзе ён да 1888 жыў, знаходзячыся то ў Аўстра-Венгрыі, то ў Германіі, то ў Егіпце, то ў Францыі" (Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 452). У гэты перыяд Савіч-Заблоцкі актыўна супрацоўнічаў у многіх французскіх, нямецкіх і польскіх газетах і часопісах. Матэрыяльнае становішча яго было надзвычай цяжкае. 3 архіўных матэрыялаў і іншых крыніц вядома, што ў 1875-76 ён жыў у Галіцыі, у Львове пазнаёміўся з польскім рэвалюцыянерам Б.Ліманоўскім, супрацоўнічаў там з выдаўцом часопіса "Ruch literacki" ("Літаратурны рух"), колішнім паўстанцам 1863 А.Гілерам, у Тарнове рэдагаваў польскую газету "Gwiazda" ("Зорка"). У 1876 "за сацыялістычныя прошукі" яго выслалі з Кракава ў Познань. У тым жа годзе ён напісаў у Празе польскамоўную паэму "Аповесць пра мае часы", прысвечаную Беларусі напярэдадні паўстання 1863-64. У 1880-я гады ён жыў у Парыжы, спрабаваў выдаваць там газету на французскай мове, чытаць лекцыі пра славянства на рускай мове. У 1882 у сувязі з юбілеем польскага паэта Б.Залескага падараваў яму верш "Беларуская пея" (песня), а ў 1883 мовазнаўцу Л.Нядзвецкаму - свой рукапісны зборнік "Вязанка эпіграмаў" (складаўся з твораў, напісаных у Швецыі, Аўстрыі, Егіпце, на Корсіцы). У 1885 надрукаваў у Познані гістарычную аповесць "Полацкая шляхта". У 1885-86 супрацоўнічаў з варшаўскай газетай "Сhwila" ("Хвіліна"). У той жа час выдаў у Парыжы брашуру "Яшчэ Польшча не загінула, пакуль існуе Расія", чым выклікаў вялікую незадаволенасць польскай эміграцыі. Летам 1887, калі жыў у вялікай беднасці ў Бруселі (Бельгія), папрасіў дазволу ў царскага ўрада вярнуцца з эміграцыі. У канцы снежня 1887 вярнуўся на радзіму, дзе за ім быў устаноўлены тайны нагляд. У 1888-89 працаваў у рэдакцыі газеты "Виленский вестник". У 1889-91 жыў у сваёй цёткі ў маёнтку Губіна Лепельскага павета, вёў перапіску з мовазнаўцам Я.Карловічам, рускім гісторыкам К. Бястужавым-Руміным. Летам 1891 аглядаў метэаралагічную станцыю вядомага вучонага Наркевіча-Ёдкі ў маёнтку Над-Нёман (цяпер Уздзенскі р-н), але візіт, як пісала прэса, закончыўся сутыкненнем з гаспадаром. У тым жа 1891 прыехаў у Мінск, пасяліўся ў Нова-Маскоўскай гасцініцы, перапісваўся са славістамі П.Кулакоўскім і А.Будзіловічам. У лістападзе 1891 апынуўся ў Пецярбургу "з намерам далучыцца да праваслаўнай царквы, веравызнання яго беларускіх продкаў". Там пазнаёміўся з гісторыкам і выдаўцом М.Сямеўскім і пакінуў аўтабіяграфічны запіс у яго вядомым альбоме "Знаёмыя. Кніга аўтографаў". У 1892 у часопісе "Благовест" надрукаваў нарыс "Шчаслівейшая Марыся" з серыі "Беларускія нарысы". Апошні вядомы дакумент, звязаны з Савичам-Заблоцким - адрасаванае яму пісьмо рэдактара "Биржевых ведомостей" М.Коншына ад 3.2.1893, у якім газета адмовілася надрукаваць яго пераклад з польскай мовы пад назвай "Пятруша" нібыта з-за нелітаратурнасці яго мовы. Жыццё і творчасць Савіча-Заблоцкага, яго супярэчлівыя ідэйна-грамадскія пошукі адлюстроўваюць нялёгкія шляхі станаўлення беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры таго часу. Яго беларускамоўная творчасць знайшла належнае месца на старонках гісторыі роднага пісьменства. Асобныя рукапісы і дакументы зберагаюцца ў архівах і бібліятэтках Мінска, Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Польшчы.

Сапега Леў Іванавіч (1557-7.07. 1633)
       Палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат, мысліцель. Паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяр. Нарадзіўся ў радавым маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). Малалетнім яго аддалі на выхаванне ў Нясвіжскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які потым паслаў 13-гадовага юнака на вучобу ў Лейпцыгскі універсітэт. На працягу свайго жыцця С. займаў самыя высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1581 пасля заканчэння універсітэта каралеўскі пісар пры двары Стафана Баторыя. У 1585 прызначаны падканцлерам Вялікага княства Літоўскага, а ў 1589 -канцлерам. 3 1621 віленскі ваявода, з 1625 гетман Вялікага княства Літоўскага. На гэтых пасадах Сапега паказаў сябе як таленавіты палітык. На апошнім этапе Лівонскай вайны (1558-83) праславіўся як ваенны дзеяч і дыпламат. Сфарміраваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён звярнуў на сябе ўвагу паспяховымі дзеяннямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскова. Пасля заканчэння вайны Сапегі ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іаанавічам мірнае пагадненне на 10 гадоў. У 1600 зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе з рускім царом Барысам Гадуновым было падпісана чарговае мірнае пагадненне на 20 гадоў. Нягледзячы на тое, што паміж Расійскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпламатычныя сутыкненні і асабістыя адносіны Сапегі да Масквы не заўсёды былі дружалюбнымі, пасля смерці караля Стафана Баторыя яго апанавала думка пра аб'яднанне Рэчы Паспалітай з Расіяй. Аб'яднанне славянскіх народаў і абранне імі адзінага манарха, на яго думку, спрыяла б росту іх эканамічнага і ваеннага патэнцыялу, забяспечыла б трывалы мір. Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага княства Літоўскага ўварваліся шведы, састарэлы С. зноў стаў на абарону свайго краю і прыняў удзел у ваенных дзеяннях, вылучыўшы на гэтыя справы значную частку сваіх уласных сродкаў. Апошнія гады жыцця Сапега правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваннем архіваў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (работу над рэестрамі дакументаў архіўнага збору ён распачаў яшчэ ў 1594). Памёр і пахаваны ў Вільні ў касцёле св. Міхаіла. 3 імем С. звязана падрыхтоўка і выданне 3-га Статута Вялікага княства Літоўскага (1588) і стварэнне ў 1581 Трыбунала Вялікага княства Літоўскага - найвышэйшай судова-апеляцыйнай інстанцыі дзяржавы. Філасофска-прававыя погляды Сапегі значна паўплывалі на змест гэтага Статута. Пры яго выданні С. змясціў як прадмову да Статута зварот да вялікага князя Жыгімонта III Вазы і насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, дзе абгрунтаваў неабходнасць гэтага новага збору законаў. Важнай крыніцай вывучэння сацыялагічных поглядаў Сапегі з'яўляюцца таксама яго лісты. Як буйны землеўладальнік ён абараняў інтарэсы свайго класа, як чалавек вялікай эрудыцыі і дальнабачны палітык ён не мог не ўспрымаць тых прагрэсіўных працэсаў, што адбываліся ў грамадстве і ідэалогіі. Кампраміс з прагрэсіўнымі ідэямі дазваляў Сапеге даволі эфектыўна праводзіць сваю галоўную лінію - проціборства гегеманісцкім намерам царквы, бо прэтэнзіі духавенства на вядучую ролю ў дзяржаве выклікалі незадаволенасць у часткі феадалаў. Ён адстойваў права шляхты на палітычнае панаванне і ў той жа час выступаў прыхільнікам унутрана адзінай, цэнтралізаванай, шляхецка-дэмакратычнай дзяржавы. С. быў перакананы, што права павінна абараняць падданых ад злоўжыванняў з боку манарха і тым самым засцерагаць ад тыраніі, а закон павінен забяспечыць дзяржаве парадак, спакой і сацыяльны мір. Таму лічыў, што неабходна мець адзіны закон і для правячых вярхоў, і для падданых. Сапега выступаў як прыхільнік незалежнасці і свабоды чалавека, для ўдакладнення сутнасці свабоды спасылаўся на Цыцэрона. Асаблівую ўвагу звяртаў на тое, што паводзіны чалавека ў грамадстве павінны вызначацца не яго ўнутранымі пажаданнямі, а ўстаноўленымі рамкамі закону. У поглядах С. на права натуральна-прававы падыход супадае з пастулатамі, што значна пазней з'явіліся ў краінах Заходняй Еўропы. Права ён разглядаў не як прадукт боскага адкрыцця, а дзейнасці чалавечага розуму. Абсалютнасць і аб'ектыўнасць права, вяршэнства закону яскрава выявіліся ў артыкулах распрацаванага ім Статуга, дзе закон - "найвышэйшы вартавы ўсеагульнай свабоды".
       Палітычная і творчая дзейнасць Сапегі адбывалася ў перыяд, калі Вялікае княства Літоўскае і Польшча знаходзіліся ў "вечным саюзе" (уніі) пад вяршэнствам адзінага караля і сойма. Намаганні Сапегі былі скіраваны на забеспячэнне дзяржаўнай годнасці і суверэнітэту Княства і тым самым абаранялі інтарэсы беларускага і літоўскага народаў. Процідзеянне польскім намерам выявілася ў барацьбе супраць шэрага палажэнняў уніі 1569, якія прыніжалі палітычнае і самастойнае значэнне Вялікага княства Літоўскага. У адпаведнасці з гэтымі палажэннямі і канстытуцыямі сойма нормы новага Статута 1588 павінны былі адпавядаць рашэнням Люблінскай уніі. Ажыццяўляць распрацоўку Статута ў 1586 было даручана Сапеге. Яго намаганнямі, дыпламатычнымі здольнасцямі і наперакор пастанове Люблінскага сойма ў 1588 Статут быў зацверджаны каралём Жыгімонтам III Вазай і замацаваны пячаткай толькі Вялікага княства Літоўскага за подпісамі Л.Сапегі і пісара Габрыэля Войны. Нават гэтым Сапега імкнуўся падкрэсліць незалежнасць Вялікага княства Літоўскага ад польскай Кароны ў справах, якія тычыліся яго ўнутранага ўладкавання. У Статуце 1588 замацаваліся артыкулы, якія абвяшчалі аўтаномны палітыка-прававы статус Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Статут забараняў польскім феадалам атрымліваць пасады і землі ў княстве, патрабаваў уводзіць тут дзяржаўнае справаводства на беларускай мове. Сапега садзейнічаў распрацоўцы і выданню Статута на беларускай мове друкаваным спосабам. Прымаў удзел Сапега і ў рэфармацыйным руху. У рэлігійных адносінах ён не вызначаўся паслядоўнасцю. Двойчы ён мяняў веравызнанне: спачатку перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм, а потым у каталіцтва. Талерантны палітык і прыхільнік верацярпімасці, ён падтрымліваў утварэнне уніяцкай царквы на Беларусі, але быў катэгарычным праціўнікам гвалту і насілля як сродкаў яе ўмацавання. Паводле яго меркаванняў, рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Але калі на тагачаснай арэне рэлігійнага змагання за унію з'явілася асоба святара І.Кунцэвіча,які вызначаўся сваёй нецярпімасцю да праваслаўных, што пацягнула самыя непажаданыя вынікі для спакою і бяспекі ў Вялікім княстве Літоўскім, С. вымушаны быў умяшацца ў такі ход падзей. Паміж Сапегай і Кунцэвічам узнікла вострая палеміка. Каб стрымаць Кунцэвіча, Сапега выкарыстоўваў і сваё высокае дзяржаўнае становішча. Але той, карыстаючыся падтрымкай караля, у сваю чаргу востра выступаў супраць Сапегі. Свае погляды на рэлігійную праблему Сапега выказаў у вядомым пасланні да Кунцэвіча ад 22.3.1621: "...Я сам прыкладаў намаганні па ўвядзенні уніі і спыніць яе ўвядзенне было б справай неразумнай. Аднак ніколі мне не прыходзіла думка, каб Ваша міласць вырашыла прыводзіць людзей да яе гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі ўзбурылі і, дадам, прымусілі народ рускі да адпору... Што тычыцца небяспекі, якая пагражае Вашаму жыццю [Кунцэвіч скардзіўся Сапеге, што яму пагражаюць праваслаўныя], то можна сказаць: "Кожны сам прычына сваёй бяды... " Трэба выкарыстоўваць спрыяльныя абставіны, але нельга паддавацца неразумнаму захапленню, асабліва калі справа ідзе пра веравызнанне... Калі гвалціце людскія сумленні, калі замыкаеце цэрквы, калі людзі без набажэнства, абрадаў хрысціянскіх павінны гінуць, як няверуючыя, калі самавольна дамагаецеся любові і павагі да гаспадара, тады абыходзіцеся без нас. Калі ж з прычыны ўціскаў у народзе паўстане непакой, які трэба ўціхамірваць, тады намі [г. зн. свецкай уладай] добра дзверы запхнуць. ...Калі Вы на гэтым маім напамінанні не распячатаеце і не адчыніце цэрквы, тады я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць". Аўтар паслання сцвярджаў, што рэлігійная цярпімасць - аснова ўсякай цывілізаванай дзяржавы, а рэлігійны выбар - неад'емнае права чалавека ў грамадстве. Кунцэвіч не прыслухаўся да разважлівага папярэджвання С. 1 як вынік - паўстанне віцебскіх гараджан і забойства імі уніяцкага святара (1623). Удзельнікі сурова пакараныя, прычым расследаванне гэтай справы ўзначаліў С., які на гэты раз дзейнічаў ужо як суровы суддзя. У такой сітуацыі яму давялося змірыцца з суровай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасцю і, магчыма, не без ваганняў і ўнутранага болю адмовіцца ад некаторых сваіх асветніцка-гуманістычных ідэалаў. С., безумоўна, быў прадстаўніком і выразнікам інтарэсаў свайго асяроддзя. Яго дзейнасць аб'ектыўна спрыяла развіццю і ўмацаванню на Беларусі ў 2-й палове 16 ст. прагрэсіўнай свецкай сацыяльна-палітычнай думкі.

Сапуноў Аляксей Парфенавіч (27.3.1851-2.10.1924)
       Гісторык, археограф, краязнавец. Нарадзіўся ў мяст. Усвяты Веліжскага павета Віцебскай губ. ў купецкай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у павятовым вучылішчы. 3 1862 вучыўся ў Аляксандраўскай гімназіі ў Віцебску, пасля заканчэння якой у 1869 паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Пасля заканчэння універсітэта (1873) пакінуты на кафедры. У 1873-96 працаваў настаўнікам лацінскай і грэчаскай моў у Віцебскай гімназіі. Даслужыўся да стацкага саветніка, меў ордэны св. Станіслава III і II ступені і св. Ганны III і II ступені. 3 1896 працаваў архіварыусам Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. 3 1897 выкладчык Маскоўскага універсітэта. 3 1901 сакратар Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. У 1907 выбраны дэпутатам ад Віцебскай губерні ў Дзяржаўную думу 3-га склікання, дзе падтрымліваў правае крыло акцябрыстаў. У 1913 Сапуноў прызначаны сакратаром Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, з 1918 загадчык секцыі дэмаграфіі ў губернскім статыстычным бюро, з 1919 у Віцебскім губернскім архіве. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, адзін з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, у якім выкладаў з 1911 да 1922, з 1913 - прафесар. Быў ганаровым членам шматлікіх вучоных камісій і навукова-культурных таварыстваў у Віцебску, Магілёве, Маскве, Пецярбургу; ганаровы грамадзянін г. Веліж. Першая праца Сапунова "Гістарычныя звесткі аб Віцебскім замку" надрукавана ў "Памятной книжке Витебской губернии на 1881 г.". Пры жыцці выдадзены 72 яго працы, сярод якіх зборнікі гістарычных матэрыялаў, актаў і дакументаў, навуковыя даследаванні і ўступныя артыкулы да гістарычных зборнікаў, артыкулы і творы, разлічаныя на шырокае кола чытачоў. Сапуноў даследаваў гісторыю, літаратуру, этнаграфію, археаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння, выявіў і зрабіў палеаграфічныя апісанні старажытных рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Мінска. У ліку яго твораў: "Полацкі Сафійскі сабор" (1888), "Дзвінскія або Барысавы камяні" (1890), "Рака Заходняя Дзвіна: Гісторыка-геаграфічны агляд" (1893), "Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісенскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерні" (1896, разам з Друцкім-Любецкім), "Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні" (1903), "Універсітэт у Полацку" (1908) і інш. Самая буйная праца С. - зборнік дакументаў "Віцебская даўніна" (т. 1, 4, 5, 1883-88).

Семяновіч Казімір (каля 1600 - пасля 1651)
       Інжынер і тэарэтык артылерыі, мысліцель-гуманіст. Паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў, якія ў 14-16 ст. валодалі землямі на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Удзельнік вайны Расійскай дзяржаывы з РП 1632-34 і аблогі маскоўскага гарнізона ў г. Белым (сакавік-май 1634) удзельнік бітвы 30.1.1644 войск Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам, дзе быў сведкам дзеяння татарскіх феерверкаў. Выехаўшы ў Нідэрланды, у 1645 браў чынны ўдзел у аблогах розных гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага. У Нідэрландах Семяновіч атрымаў магчымасць пазнаёміцца з багатай еўрапейскай літаратурай пра артылерыю, піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Назапасіўшы практычны вопыт, распачаў свае ўласныя доследы з мэтай спасцігнуць "таямніцы парахавых сіл", авалодаць майстэрствам артылерыі і піратэхнікі. Настойліва вывучаў механіку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру, а таксама фізіку, хімію, матэматыку, асвоіў такія важныя рамёствы, як разьба па дрэве і метале, адліўка гармат з металаў і інш. Ёсць падставы меркаваць, што кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV апекаваў таленавітага феерверкера і даваў патрэбныя сродкі, каб Семяновіч меў магчымасць вывучаць зброю ў еўрапейскіх арсеналах. У 1646 кароль адклікаў Семяновіча з Нідэрландаў і прызначыў яго інжынерам у кароннай артылерыі. У 1648 Семяновіч прызначаны намеснікам начальніка артылерыі Польскага Каралеўства і разам з 12 гарматнікамі выязджаў на вайну з казакамі. Па ўласнай ініцыятыве, а часта і за свой кошт Семяновіч праводзіў эксперыменты па вонкавай і ўнутранай балістыцы, рабіў шматлікія запускі ракет. Пасля паражэння польскага войска пад Піляўцамі ён выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта кароннай артылерыі і атрымаў дазвол зноў выехаць у Нідэрланды. У 1650 у Амстэрдаме пры маральнай і фінансавай падтрымцы эрцгерцага Леапольда-Вільгельма Габсбурга выдаў на лацінскай мове трактат "Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая". У 1651 гэта кніга была перавыдадзена на французскай мове з прадмовай аўтара, прысвечанай Вільгельму Фрыдрыху - начальніку артылерыі Рэспублікі Задзіночаных правінцый (такая тады была афіцыйная назва Нідэрлавдаў). Гэтая прадмова дагэтуль застаецца апошнім дакументальным сведчаннем жыцця Семяновіча Існуюць розныя версіі аб прычынах яго смерці, адной з якіх (паводле А.Штэрнфельда) магло быць забойства рамеснікамі-піратэхнікамі за тое, што ў кнізе ён выдаў сакрэты і таямніцы свайго майстэрства. Кніга Семяновіча, перакладзеная на нямецкую, англійскую, галандскую, дацкую і іншыя мовы, на працягу паўтара стагоддзя была адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац па артылерыі і піратэхніцы. Семяновіч падрыхтаваў да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць не паспеў; захаваліся толькі звесткі пра існаванне такога рукапісу ў бібліятэцы Артылерыйскага музея ў Пецярбургу. У бібліятэцы Варшаўскага ліцэя (паводле сведчання гісторыка польскай літаратуры Фелікса Бянтоўскага) знаходзіўся бюст Семяновіча, на якім ён паказаны з ордэнскай стужкай і ордэнам Зоркі на грудзях. Мяркуюць, што гэтым ордэнам вучоны быў узнагароджаны галандцамі за сваю выдатную працу "Вялікае мастацтва артылерыі", а магчыма, і за ўдзел у аблозе г.Гульста.
       У сваім светапоглядзе Семяновіч у асноўным прытрымліваўся канцэпцыі Арыстоцеля. сведчаннем чаго з'яўляюцца тыя месцы v творы "Вялікае мастацтва артылерыі", дзе ён пераходзіў ад апісання эмпірычных вынікаў да іх інтэрпрэтацыі ці да агульных светапоглядных пытанняў. Яму былі добра вядомы і вучэнне старажытнагрэчаскіх філосафаў пра натуральныя і вымушаныя рухі, і тагачасная канцэпцыя "імпэтусу" - руху цела пад націскам іншага цела-рухача. Звяртае на сябе ўвагу высокі ўзровень агульнай культуры Семяновіча, які добра ведаў і антычную літаратуру, і сучасныя яму тэхнічныя дасягненні, і працы тагачасных еўрапейскіх аўтараў, што выдаваліся на нямецкай, грэчаскай, лацінскай і інш. мовах. Польскі гісторык Г.Новак падлічыў, што ў кнізе Семяновіч цытуюцца больш за 200 аўтараў, выкарыстана каля 260 твораў, пераважна старажытныя трактаты, каля 40% складаюць кнігі эпохі Адраджэння і Новага часу; шырока выкарыстаны творы Платона, Арыстоцеля, Сенекі, Эўкліда, Архімеда, Апалона з Пергама, знакамітых сярэдневяковых даследчыкаў, медыцынская і прыродазнаўчая літаратура, выданні па земляробстве, хіміі, тэхніцы, гісторыі. Але галоўнай адзнакай шматграннай даследчыцкай дзейнасці і творчых пошукаў Семяновіча было пачуццё чалавечай годнасці і прыналежнасці да роднай зямлі, глыбокае веданне яе жыццёвых патрэб і інтарэсаў. Асноўную мэту выдання кнігі ён бачыў у тым, каб зрабіць паслугу сваёй радзіме і сваім суайчыннікам, "якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі". Згадку пра дарагую яму Айчыну можна знайсці і ў апісанні роднай прыроды, народных традыцый і свят, і ў звыклых назвах прадметаў, у старабеларускіх мерах вагі, вадкіх і сыпкіх рэчываў. У творчасці Семяновіча адлюстраваліся цяжкасці і супярэчнасці станаўлення доследнага прыродазнаўства ў 17 ст., традыцыі, што звязвалі яго час з сярэднявеччам і ў той жа час характарызуюць яго як вучонага Новага часу. Уважлівасць пры правядзенні доследаў і назіральнасць дазволілі яму прадбачыць механічныя заканамернасці, умела выкарыстоўваць найноўшыя дасягненні тагачаснай навукі і тэхнікі. Крытыкуючы розныя перажыткі ў артылерыйскай справе і тых яе прадстаўнікоў, якія "адхрышчваюцца ад тэорыі і прынцыпаў цудоўнай матэматыкі" і лічаць ганьбай для піратэхнікапрактыка выкарыстанне тэарэм Архімеда, Эўкліда ці іншых славутых вучоных, Семяновіч пісаў: "Менавіта тут крыніца гэтай новай навукі - "псеўдамеханікі", невядомай у мінулых стагоддзях. Балюча мне толькі за тое, што ўзвышаная навука піратэхнікі не толькі зняважана тымі, хто яе выкарыстоўвае (кажу тут пра гэтых практыкаў без практыкі) і хто адабраў у яе былую славу і прыгажосць, якую ёй надалі яе першыя адкрывальнікі. Балюча мне, што гэтую навуку адарвалі ад правільнай асновы - матэматыкі і запіхнулі паміж звычайнымі рамёствамі". Ён выказваў пажаданне, каб быў прыняты спецыяльны закон, паводле якога спецыялісты-піратэхнікі не дапускаліся б да работы без ведання асноў дакладных і прыродазнаўчых навук. Сам Семяновіч дамогся рэальных поспехаў менавіта таму, што яго высновы грунтаваліся не на агульнафіласофскіх рэчах аб праблемах руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі артыманых ім доследных звестак. У гэтым дачыненні характэрнымі з'яўляюцца вынікі праведзеных ім доследаў па стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі, на аснове якіх ён фармулюе закон абсалютнага няпругкага сутыкнення аднолькавых па велічыні, форме і рэчывах целаў. "У цэлым жа, - пісаў Семяновіч, - ніякі рух не знікае, а толькі ад аднаго прадмета пераходзіць да другога. Таму адно і другое целы будуць рухацца адначасова, аднак у два разы павольней, чым да гэтага". Амаль за 35 гадоў да ўвядзення Лейбніцам паняцця "кінетычнай энергіі", зыходзячы з назіранняў за работай майстраў-ракетчыкаў пры запаўненні порахам ракеты, Семяновіч прыйшоў да высновы, што пры аднолькавай вуглавой скорасці лінейная скорасць молата прапарцыянальна квадрату даўжыні ручкі першай ступені вагі. Сустракаюцца ў яго кнізе і тыпова схаластычныя разважанні, асабліва ў спробах тлумачэння з'яў і працэсаў, разуменне якіх ляжала далёка па-за межамі тагачаснай навукі. Але ад большасці сваіх сучаснікаў і папярэднікаў Семяновіча адрознівала паслядоўная апора на дослед, эксгіерымент пры вывучэнні і тлумачэнні з'яў, за якімі вядзецца назіранне. Так падыходзіў ён і да выкладання тэарэтычных палажэнняў і метадаў вызначэння калібру гармат, радыусаў і вагі ядраў у залежнасці ад матэрыялаў, да раскрыцця хіміі і тэхналогіі вырабу розных гатункаў пораху, спосабаў праверкі яго баявых якасцей і захоўвання. Глыбока аналізаваў Семяновіч метады разліку разнастайных тыпаў ракет, што выкарыстоўваліся і ў вайсковай справе, і на цывільныя патрэбы. Ён даў апісанне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзесяткаў тыпаў ракет, у т.л. ракет з хвастатымі стабілізатарамі-крыламі, ракет, якія запускаліся са спецыяльных станкоў і інш. Асабліва цікавыя для сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі звесткі пра састаўныя (вязкі ракет) і шматступенныя ракеты. Некаторыя з апісаных Семяновічам ракет былі вядомы яму з літаратурных крыніц, многія, у т.л. і шматступенныя ракеты, прапанаваны ім упершыню. Да вывучэння канструявання розных тыпаў ракет ён падыходзіў гэтак сама, як і да іншых пытанняў, што разглядаліся ў кнізе, - не як рамеснік, а як вучоны-прыродазнавец, эксперыментатар і практык. Погляды Семяновіча на прычыны руху ракеты, паводле яго сведчанняў, павінны былі быць выкладзены ў другой, страчанай частцы кнігі "Вялікае мастацтва артылерыі". Тут ён меркаваў зрабіць экскурс у гісторыю старажытнай ваеннай тэхнікі, сучасных яму сухапутных і марскіх гармат, апісаць працэс іх абслугоўвання, выкарыстання і спосабы абароны ад нападу праціўніка, архітэктурныя формы і тэхналогію пабудовы артылерыйскай тэхнікі. Згадваў ён і пра намер прысвяціць спецыяльны раздзел свайму новаму вынаходству, "у якім змешчаны ўсе нашы веды" і якое "перасягае шмат якія іншыя прыстасаванні і замяняе іх усе". Мяркуючы па ўсім, Семяновічам была вынайдзена аптычна-механічная прылада накшталт нівеліра, бусолі ці кіпрэгеля універсальнага характару. Ён меўся таксама разабраць шмат якія геаметрычныя праблемы, астранамічныя і геаграфічныя пытанні. "Як толькі ўсё гэта, - пісаў С., - у адпаведных месцах дойдзе да свядомасці кожнага, тады адбудзецца вера ў мае словы". Навуковыя працы і эксперыменты Семяновіча на многія гады прадвызначылі шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі, былі з вялікай цікавасцю і ўвагай сустрэты ў Еўропе. А яго гуманістычны светапогляд, рашучае адмаўленне войнаў як найвялікшага няшчасця для чалавецтва служылі ўзорам высокай маральнасці і грамадзянскай адказнасці для многіх пакаленняў даследчыкаў і вучоных.

Семянтоўскі (Семянтоўскі-Курыла) Аляксандр Максімавіч (1821-93)
       Археолаг, краязнавец, этнограф, фалькларыст. Паходзіў з Палтаўшчыны (Украіна). "У неспакойны час паўстання" 1863-64 накіраваны на Беларусь, аднак тут хутка асіміляваўся і з вялікай энергіяй узяўся за даследаванне краю. Да прыезду на Беларусь ён збіраў украінскі фальклор і ў 1851 выдаў зборнік "Маларускія і галіцкія загадкі". У Віцебскай губерніі Семянтоўскі працаваў сакратаром губернскага статыстычнага камітэта і адначасова быў рэдактарам неафіцыйнай часткі тазеты "Витебские губернские ведомости", пазней - рэдактарам "Памятной книжки Витебской губернии". У 1864 Семянтоўскі падрыхтаваў працы "Статыстычны нарыс Віцебска" і "Сінельна-набойная вытворчасць у г. Віцебску". Асноўнай этнаграфічнай працай Семянтоўскага пра побыт і культуру беларусаў з'яўляецца "Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні" (Спб., 1872). У прадмове да яе аўтар пісаў: "Ніколі этнаграфія як навука не звяртала на сябе столькі ўвагі вучоных і наогул адукаваных людзей, як у другой палавіне бягучага стагоддзя, калі да спраў дзяржаўнай палітыкі далучылася складанае пытанне аб нацыянальнасці". Семянтоўскі рэзка крытыкаваў "Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі" Ф.Р.Эркерта (1864), які сцвярджаў, што веравызнанне найбольш яскрава вызначае рысы, якія адрозніваюць адну народнасць ад другой. На канкрэтных статыстычных даных і прыкладах з жыцця акаталічаных на тэрыторыі Віцебскай губерні беларусаў, латышоў, эстонцаў і іншых народнасцей, якіх Эркерт залічыў у палякі, Семянтоўскі навукова аргументавана падышоў да вызначэння этнічнага складу насельніцтва. Ён лічыў, што галоўнымі акалічнасцямі трэба лічыць родную мову, мінулы гістарычны лёс і сучасны лад жыцця, а таксама нацыянальную самасвядомасць народа і яго культуру. У поглядах Семянтоўскага часам заўважаўся пэўны адбітак вялікадзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў (нібыта беларус па сваіх інтэлектуальных і фізічных якасцях стаіць ніжэй за рускіх), аднак у асноўным ён прыхільна ставіўся да беларускага народа пры апісанні яго побыту і культуры, падкрэсліваў цяжкае матэрыяльнае становішча, не вінаваціў у гаротным лёсе, ускладаючы віну на прыродныя ўмовы пражывання і фізічную прыроду насельніцтва. У працы "Аб мерах і вазе, якія выкарыстоўваюцца цяпер і ўжываліся ў старыя гады ў Віцебскай губерні" (1878) Семянтоўскі ахарактарызаваў 53 меры вагі і падкрэсліваў важнасць вывучэння такіх адзінак народнай метралогіі для даследавання побыту народа. Мясцовым уладам ён рэкамендаваў хутчэй уводзіць адзіныя меры і вагу, бо разнабой стварае ўмовы для падману сялян рознымі перакупшчыкамі. Праца Семянтовіча "Беларускія старажытнасці" (вып. 1, Спб., 1890) прысвечана апісанню старажытных помнікаў з археалагічных знаходак. У ёй ёсць таксама падрабязнае апісанне абрадаў пахавання і памінак.                                                                                                                                                                        

назадуверхда хаты