Паход на возера Лосвiда, на Напалеонаўскую дарогу i да дуба-волата
МаршрутыПаход на возера Лосвiда, на Напалеонаўскую дарогу i да дуба-волата
Прапануем вашай увазе турысцка-краязнаўчы маршрут нядзельнага адпачынку. iдучы па iм, вы ўбачыце возера Лосвiда, дуб-волат i батанiчны заказнiк "Дубрава", пабудзеце на таямнiчай "Напалеонаўскай дарозе", каля старажытных курганоў, адпачнеце i ўзбагацiце свае веды аб родным краi.
Амаль кожны жыхар Вiцебска ведае пра возера Лосвiда. Гэта адно з самых прыгожых i маляўнiчых месцаў у наваколлях горада. Шмат хто бывае тут, калi прыязджае на дачы, iншыя - адпачыць на турбазу "Лосвiда", на прыгожыя пляжы, пахадзiць па прыбярэжных лясах. Возера асаблiва папулярна сярод рыбакоў: па-першае, да яго проста i танна дабiрацца (на прыгарадным цягнiку); па-другое, возера глыбокае (мае глыбынi больш за 20 метраў), а гэта значыць, што i рыбы тут шмат i яна вялiкая. Традыцыйна на возеры праводзяць водна-спартыўныя святы. Дзiўная флора возера i яго прыбярэжных лясоў: тут багата лекавых, рэдкiх i незвычайных раслiн (напрыклад, тут шмат веха ядавiтага, цi цыкуты - самай атрутнай раслiны ў Еўропе, якой, дарэчы, атруцiлi выдатнага грэчаскага фiлосафа Сакрата). Есць тут i раслiны, занесеныя ў Чырвоную кнiгу Беларусi (гiдрыла мутоўчатая, частуха Валенбергаi, палушнiк вазерны i iншыя). Яшчэ ў савецкi час на берагах возера планавалася стварэнне батанiчнага заказнiка.
Вакол возера растуць хвойныя, яловыя i бярозавыя лясы. Летам i ўвосень тут шмат людзей, якiя наведваюць iх у пошуках грыбоў i ягад.
Нездалек ад возера знаходзiцца палiгон Мабiльных войскаў (былой славутай 103 гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывiзii, якая першай была ўведзена ў Афганiстан).
У наваколлях возера людзi сялiлiся здаўна, таму тут захавалiся да нашых часоў помнiкi археалогi? - курганы, гарадзiшчы, паселiшчы, а ў часы сярэднявечча нават быў замак.
Падзеi мiнулага знайшлi свае адлюстраванне ў легендах i паданнях пра возера (напрыклад, пра Напалеонаўскую дарогу)
У гады другой сусветнай вайны на берагах возера у баях загiнулi дзясяткi тысяч салдат. У адно толькi няўдалае наступленне, якое адбылася 31 снежня 1943 года, загiнулi 8000 чалавек. Як напамiн пра мiнулае, стаяць зараз каля Лосвiда помнiкi савецкiм воiнам, якiя аддалi свае жыцце за свабоду нашай Радзiмы.
Штодзень, у 8.25 ад чыгуначнага вакзала адходзiць прыгарадны цягнiк "Вiцебск-Азярышча". Купляем квiток i едзем да станцыi Залучча (гэта пяты прыпынак ад Вiцебска). Даехаўшы, выходзiм i iдзем да шашы Вiцебск-Гарадок. Яна знаходзiцца ў трохстах метрах ад станцыi. Пераходзiм шашу каля магазiна i накiроўваемся па гравiйнай дарозе, якая прывядзе нас у веску Марыямпаль, да якой тры кiламетры. Назва вескi гучыць па-замежнаму, але тлумачыцца вельмi па-беларуску: раней яна называлася Мар'iна поле. З цягам часу мясцовыя жыхары з'ехалi з вескi, i зараз большасць дамоў купiлi гараджане i выкарыстоўваюць iх, як дачы. Праходзiўшы праз веску, абявязкова звярнiце ўвагу на прыгожую альпiйскую горку, што зрабiў каля сваей хаты нейкi чалавек - яна вартая таго. Прайшоўшы праз веску, выходзiм на бераг возера.
Напалеонаўская дарога
Дачнiкi зрабiлi тут невялiчкi пляж, так як месца зручнае для купання. Тут добра будзе зрабiць прывал, адпачыць i схадзiць на экскурсiю на "Напалеонаўскую дарогу", якая знаходзiцца зусiм непадалек. Пра гэта месца iснуе некалькi паданняў, але адзiнага дакладнага меркавання так i няма.
Лосвiда - адно з найвялiкшых азераў Беларусi: ягоная глыбiня ў паўднева-ўсходняй частцы - больш за 20 мертаў. Але на "Напалеонаўскай дарозе" глыбiня вады не вышэй калена. Перайсцi возера можна, як кажуць мясцовыя жанчыны, "не замачыўшы спаднiцы". Назвай сваей дарога абавязана французскаму iмператару, якi, згодна адной з легенд, у 1812 годзе быў абкружаны каля возера рускай армiяй. Каб уратавацца ад немiнучай гiбелi, ен дамовiўся з д'яблам. Па загадзе нячыстага, кожны жаўнер французскага войска, набраўшы поўную шапку зямлi, высыпаў яе ў возера. У вынiку чортава чараўнiцтва, у гэтым месцы ўтварылася падводная "дарога", па якой французы змаглi адарвацца ад рускай армii. Есць меркаванне археолагаў, што гэтае месца можа датавацца значна больш старажытнымi часамi. iснуе яшчэ некалькi паданняў, якiя па iншаму тлумачаць паходжанне: ад хiтрыкаў закаханых маладых людзей да загада мясцовага пана.
У часы Вялiкай Айчыннай вайны нашы танкiсты скарысталiся мелкаводдзем трапы i раптоўнай i хуткай атакай вызвалiлi веску Марыямпаль. Мясцовыя жыхары заўседы актыўна карысталiся ею (яшчэ гадоў дзесяць таму па дарозе хадзiлi трактары i машыны). Зараз дарога зарасла камышом, рагозам i аiрам, але iсцi па сцяжыне, якая пракладзена пасярод высокай травы, яшчэ больш цiкава.
Дуб волат i батанiчны заказнiк "Дубрава"
Адпачыўшы i схадзiўшы на "Напалеонаўскую дарогу", крочым далей. iдзем уздоўж берага возера па дарозе, якая дзе-нiдзе больш нагадвае сцежку. Прайшоўшы з кiламетар, выйдзем да дарогу, што вядзе да турбазы "Лосвiда", да якой будзе яшчэ каля двух кiламетраў. Зусiм непадалек ад базы знаходзiцца батанiчны заказнiк "Дубрава". Ен быў утвораны ў чэрвенi 1993 года ў адпаведнасцi з рашэннем Гарадоцкага райвыканкама з мэтай аховы рэдкiх экземпляраў дуба чарэшчатага. Тут жа расце i дуб-волат, якi мае статус помнiка прыроды. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што яму не менш 600 гадоў, але ўпэўнена казаць цяжка, бо няма спецыяльных прыбораў, з дапамогай якiх можна дакладна вызначыць узрост гэтага патрыярха (больш за тры абхваты дарослага чалавека).
З-пад каранеў дуба-асiлка цячэ крынiца. Папiўшы яе крыштальна-чыстай вады i памыўшы твар, вы атрымаеце запас бадзерасцi на некалькi тыдняў наперад. Адпачыўшы, палюбаваўшыся гэтым цудам прыроды, пройдзем трошку ўбок ад дуба (на ўсход). Тут, за пяцьдзесят метраў ад дарогi, што вядзе ад турбазы ў Гарадок, знаходзiцца помнiк археалогii - старажытныя курганы.
Зараз наш шлях ляжыць назад, па той жа дарозе, што мы прыйшлi на турбазу. Але, калi вы стамiлiся цi не вельмi любiце хадзiць, то можаце пачакаць маршрутнага аўтобуса з Вiцебска, якi ходзiць штодзень.
Свежае паветра, пешая вандроўка, новыя ўражаннi разбудзяць у вас вельмi здаровае жаданне падсiлкавацца. Гэта лепей за ўсе зрабiць на пляжы ў Марыямпалi. Тут жа, адпаведна сезону можна будзе i пакупацца цi проста прагуляцца па беразе. А ў 17 гадзiн, не спяшаючыся, пайсцi да станцыi, каб у 18 гадзiн сесцi ў дызель, якi адвязе вас у горад.
|